Старонка:Novaja ziamlia 1923.pdf/94

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

XII.

СЭСІЯ.

У інтарэсах асьвятленьня
Яшчэ нязьнікшага зьяўленьня
Ня шкодна-б сьвятам, вольным часам
Схадзіць на сэсію з Міхасем.
Міхась пасьнедаў, прыадзеўся —
І на кірмаш схадзіць ён меўся, —
Ня то, што-б там якія справы
Былі патрэбны і цікавы,
А проста так сабе ў нядзельку
Праведаць Залмана ці Эльку.
Міхал — навошта ўжо таіцца? —
Любіў такі павесяліцца,
Зайсьці да Малкі ці Ляйботы,
Каб збыць за чаркаю згрызоты.
Ці так ці не, ва ўсякім разе
Другое мелася на ўвазе:
Міхал любіў каля бутэлькі
Пытаць тых-сіх на-конт зямелькі
Бо так на службе дапяклі,
Што гэта думка аб зямлі
Запала ў сэрца назаўсёды,
Як промень волі і свабоды.
На тую-ж сэсію што тыдня
Хадзіў Міхал да пана-злыдня.
Звычайна з раніцы ў нядзельку,
Калі пакіне пан пасьцельку,
Аб’езчыкі са стражнікамі
Сюды схадзіліся, зьяжджалісь,