Старонка:Novaja ziamlia 1923.pdf/96

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

А губы шчыльна-шчыльна сьцяты,
Дзьвярмі ён грукнуў, выйшаў з хаты,
І злосьць, душы і сэрца пляму,
Выносіць з дому аж за браму;
І нейкі час ён па дарозе
Ідзе абураны, ў трывозе,
На жонку злосны, на самога,
Бо ў словах жонкі праўды многа.
Але-ж на што калоць у вочы?..
Цьфу! дня табе няма і ночы,
А ні часіначкі спакою;
Чорт кожны вяжацца слатою,
А тут яна шэй-на-катрынку
Як завядзе, дык бяз упынку.
Міхал аб помсьце строіць пляны.
Вось ён нап’ецца, прыдзе п’яны,
Каб аж язык не варушыўся,
Калі такім ліхім радзіўся;
Няхай крычыць сабе тады.
А не — ня ўзяць два дні яды
Наперакор сваёй жанчыне
Пакуль яе злосьць не астыне?
Міхал і Клін ужо мінае.
Направа сьцежачка сьляпая
Вядзе балотцам на ачосы.
Міхал ідзе пакуль-што босы
І на дарожку зварачае,
Ідзе сьвяржэнскімі маргамі
І гразь памешвае нагамі.
І покі ён мінуў лагчыны,
На, лбе разгладзілісь маршчыны
І ў сэрцы бура уляглася.
Другія думкі на Міхася
Цяпер найшлі нейк неўзаметкі,
Ды толькі іх маўклівы сьведкі —
Лясок, дарожка, елкі, хвоі;
У іх свае думкі-настроі.
Балотца пройдзена памалу.
Густым ляском па буравалу
Міхал выходзіць на гасьцінец.
Цяпер у думках пан-злачынец.
І не хацелася-б з ім знацца,