Старонка:Novaja ziamlia 1923.pdf/93

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Падол кашуль ў зубох трымаюць,
А дзядзька ў чоўне — сонца ў коле!
Тымчасам човен і на волі,
Бо тут глыбока рэчка грае,
І хлопцам пуп вада, мінае.
— Ну, годзе, хлопцы, досыць вам:
А ну-ткаль спробую я сам! —
І дзядзька ўжо тут адразэчку
Пачуў, што выехаў на рэчку,
І гэта яснасьць сходзіць з твару.
Бярэ ён прыс, ён повен жару,
Рашучасьць думкі, сьмеласьць руху, —
Эх, колькі сілы, колькі духу!
Зусім істота ў ім другая!
На прыс ён разам налягае
Ды на нагах калі прыгнецца!
Тут човен раптам як рванецца,
Бы той спалоханы шчупак!
Гэрой наш дзядьзка, наш рыбак,
Адразу ў дзьве бяды папаўся:
Перш-на-перш прыс у гразь вагнаўся,
А човен носам — трах у дрэва!
А дзядзька раптам — гоп налева!
І ногі ў портках адмысловых —
Ня проста ў зрэбных — шарачковых
Адно ў паветры бурканулі!
Ды ў воду ў момант баўтанулі!
Ўсхапіўся дзядзька мокры, брудны,
А вынік спробы тэй паскудны:
Чаўнок — ня човен, а карыта,
І нос і частка дна адбіта;
Прысок тырчыць, як струп на плеху,
А хлопцы поўзаюць ад сьмеху,
А дзядзька сам — цар без кароны
І выгляд — мокрае вароны!

|}