Старонка:Novaja ziamlia 1923.pdf/90

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

І дзядзька быў рыбак выдатны,
Хоць больш урыўкавы, прыватны,
Але лавіў такі ня мала,
І дзядзьку ў рыбе шанцавала.
Бывала пострыжні прыправіць,
На шчупакоў нясе і ставіць.
Глядзіш — о, добрая мінута! —
Шнур з вілак спушчан, палка ўгнута,
Схапіў жыўца шчупак і сьвішча,
Дастаў — ў два локці шчупачышча!
І з вудай дзядзька шчасьце мае:
Язёў ванадзіць і келзае;
Язі ў тры хунты і ў чатыры!
Агледзіць дзядзька букты, віры,
Картофель зварыць і гароху
І вадзіць рыбу ён, патроху.
Лавіў наш дзядзька нераткамі
І венцярямі і сачкамі,
Ды аднаго ўсё-ж бракавала:
У дзядзькі чоўна не ставала.
Каля адрынкі пад страхою
У дзеда Юркі сіратою
Валяўся човен так, бяз дзела,
На сонцы сохла яго цела,
І човен, праўда, ўжо ня новы.
Дзед Юрка быў рыбак скарбовы,
Скарбовай чайкай карыстаўся,
А ўласны човен так валяўся,
Як-бы ў адстаўцы той сэнатар,
Хоць на чаўны дзед быў аматар.
Дзед Юрка дзядзьку паважае
І да яго прыхільнасьць мае:
Антось ня знае такой моды
Рабіць у рыбе перашкоды
І глупства ён рабіць ня стане
І ў венцер дзедаў не загляне.
— Бяры, Антось, ты човен гэты.
Рассохся трохі ён за лета
І сям-там нават пакалоўся,
І шашаль, можа, дзе завёўся,
Але, агледзіўшы, нічога:
Яшчэ паслужыць мала-многа. —