Старонка:Novaja ziamlia 1923.pdf/91

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Антось, як сонца, засьвяціўся:
Даўно аб чоўне ён смуціўся.
Да дому дзядзька ехаў лёсы,
Кладзе ён човен на калёсы,
І едзе наш Антось вясёлы,
І з ім падсьмейваюцца й колы.
На рэчку човен ён спускае —
Няхай сабе тут намакае;
А там, управіўшысь з сяўбою,
Зальле Антось яго смалою,
Агледзіць і заканапаціць,
А дзе і бляхаю прыхваціць.
«Засьвішча човен мой стралою!»
Так думаў дзядзька сам з сабою.
Пакуль Антось канчаў работу,
На рэчцы човен меў турботу:
Як толькі добра сонца ўгрэе,
Кастусь у чоўне ўжо дурэе
Без нагавіц ў ваднэй кашулі,
І хоць за ногі мыцкі тнулі
І запускалі як-бы сьпіцы,
Але скідаў ён нагавіцы,
Бо так спрытней быць каля чоўна,
І нагавіцы — рэч умоўна.
Зазнаў тут бедны човен гора:
Каламі Костусь яго пора,
І ва ўсе бокі яго круціць
І толькі воду каламуціць,
Бо тут гразі больш, чым вады,
І мулу, рознае брыды.
Бубніць тут човен, ходзіць рэха —
Такая хлопцу з ім пацеха!
Антось на човен свой як гляне —
І весялей на сэрцы стане:
Які-б ні быў, а ўсё чаўнок
І шчылін мала, як намок.
Тымчасам дзядзька ненарокам
Глядзеў на човен добрым вокам.
Дзянёк ён выбраў больш-менш вольны,
Ідзе вясёлы і давольны.
На бераг човен выцягаюць,
Алесь і Костусь памагаюць.