Тады ён йзноў адменнасьць мае,
Тады ён нават і бушуе
І трохі сына памуштруе;
Але пад гэтым бушаваньнем
Хавае гумар з насьмяханьнем:
Больш жарты строіць, чым ваюе.
— Язэп, ўставай! — крычыць ён сыну: —
Ўставай у гэтую-ж хвіліну! —
Бярэ дзед ноты ценаровы,
Нябыта злосны яго бровы.
— Чаго да хлопца прывязаўся?
Лепш лёг-бы каменем. Набраўся! —
Гаворыць баба і сярдуе,
А дзед яе, як-бы й ня чуе.
— Ўставай, лайдак, маліся богу! —
Язэп варушыцца ў бярлогу,
Ўстае, пачухваецца, плача:
Што то за доля, за бядача!
Ці ён распусьнік? ці ён збойца?
— Ну, кленч!.. хрысьціся! ў імя ойца!. —
Язэпа трохі дзед навучыць
І памуштруе і памучыць,
Бо трэба-ж іх адукаваць
І паслушэнству навучаць.
Яшчэ на дзеда паглядзеце,
Калі дзед вып‘е на банкеце.
У дзеда шчокі румянеюць,
У дзеда вочы весялеюць,
Гарохам дзедаў сьмех якоча,
А сэрца руху, шуму хоча.
„Ешча-шчышча! Ешча-шчышча!“
Тут дзед і цмокае і сьвішча
Салаўём й сіваваронкай
Ды як зальлецца песьняй звонкай!..
Не! дзеду трэба болей руху,
І дзеду цесна ў тым кажуху.
Кажух на лаву дзед скідае
І бубен-рэшата хватае,
Бубніць у вечка, чым папала,
Ды як прышчолкне! ды прыўдала!
Тут вам і полька і мазурка…
Такі быў дзед, нябожчык Юрка!
Старонка:Novaja ziamlia 1923.pdf/89
Выгляд
Гэта старонка была вычытаная