Старонка:Novaja ziamlia 1923.pdf/88

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

І, выбачайце, сьвістуны;
Хоць, праўда, хлеб ядуць і з вуды,
Але ня ўсе і не заўсюды.
Вось невад — о! другая справа —
Тут, брат, ня вуда, тут — аблава!
І волак можна пахваліць:
Ім можна здорава лавіць.
А лепш за ўсё, мае браткі…
Сказаць вам? венцер, нераткі!
Ды толькі трэба мець знароўку,
Каб не страляць у саракоўку,
Бо трэба ведаць, дзе паставіць
Ды ўмець і венцер добры справіць.
Мастак быў дзед на ўсё на гэта:
Лавіў ня мала ён за лета:
Былі ліны, язі і плоткі —
Лузаў дзед добра сабе злоткі:
Было за што кручок загнуць,
Было і ў краму з чым зірнуць.
І любяць дзеда Юрку ўнукі,
Яны цалуюць яму рукі,
А дзед у плечы іх цалуе
І абаранкам патрактуе.
Цукеркі дзеду — не, ня любы,
Няхай іх качкі: псуюць зубы,
Дык лепш ня зваць іх, ну іх к ляду,
Гэту дзявочую прынаду!
Звычайна дзед быў вельмі ціхі,
Не падымаў нідзе шуміхі,
Але быў сталы і разумны,
Такі разважлівы і ўдумны —
Ну, чалавек старога складу,
Калі што скажа, то да ладу.
Але дзе крыўда і махлярства,
Тады дзед меў адно лякарства —
Не паглядзіць ён, хто такі ты:
Хоць чорт, хоць д‘ябал знамяніты,
Пляваць яму на тваю масьць,
Але ўжо чапаласу дасьць.
Адзін на ўсіх пайсьці гатовы,
Без разважаньня, без размовы!
Ну, а калі дзед падгуляе,