— Дзе наша, брат, ні прападае! —
Міхал гаворку зачынае: —
Ці-ж толькі сьвету, што ў ваконцы?
Або так міла тут бязконца?
І там мы будзем жыць так сама;
Няма ўжо горшай, як тут яма.
А сенакос тут дзе? за сьветам!
А там блізютка, каля дома —
Парэчча добра мне знаёма!
А колькі зелені там летам!
Як у вяночку, стаіць хата.
Грыбоў і ягад — страх багата!..
Там выгад болей, чалавеча!..
— Паедзем, татачка, ў Парэчча!
Ось там грыбоў папазьбіраю!
Ой, іх зьбіраць ахвоту маю! —
Схапіўся Костуська і скача,
А маці з гора чуць ня плача.
— Згараць яны няхай з грыбамі!
Але ці будзе хлеб, часамі? —
Антось пытае ўжо сярдзіта: —
А колькі там пасеем жыта?
Зямлі, як бабе старой сесьці.
Папробуй сядзь на гэтым месьце…
— А дзе ты дзенешся? і сядзеш!
Нічога, браце, не парадзіш.
— Яму, як выпіў, гора мала! —
На бацьку маці зноў напала.
— А мне, ты думаеш, салодка?
Ды справа проста і каротка:
Ня будзеш ты з лясьнічым спорыць,
Рабі, вось, тое, што гаворыць.
А не — йдзі вон: варона з куста,
А пяць на куст, бо хлеба луста,
Ня лёгка ўсім, брат, дастаецца.
Пустым той кут не застанецца:
Ня будзе нас — другі там сядзе
І не зважаючы, ня глядзя,
Якое месца і выгода.
— Што так, то так, ды працы шкода,
Якую мы тут палажылі;
Зямлю так добра мы ўгнаілі.
Старонка:Novaja ziamlia 1923.pdf/40
Выгляд
Гэта старонка была вычытаная