Старонка:Novaja ziamlia 1923.pdf/39

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

А ён сьмяецца, не шманае.
— Няма табе граху, ні посту,
Хоць у палонку кідай з мосту!
— А ў пост, скажы, сварыцца можна,
Калі ты гэтака набожна? —
Міхал у жонкі запытаўся: —
Або я п’яны ці валяўся?..
От ня крычы ты і ня лайся,
Лепш у дарогу выбірайся!
— Куды ў дарогу? Што пляцеш ты?
Прапіў свой розум, ці што ўрэшты? —
З трывогай жонка ўжо пытае
І тон сярдзіты свой мяняе,
Бо ёй у голасе Міхася
Адразу праўда пачулася;
І дзеці бліжай селі к тату,
Якраз вайшоў і дзядзька ў хату.
— Дык так, Антось: пераяжджаем,
Апошні час тут дажываем.
— Куды? — Ў Парэчайка, ў балота!..
Бадай ты спрахла! от брыдота!
Цягніся зноў, а глуш такая! —
Антось Парэчча праклінае.
Ўздыхнула цяжка-цяжка маці,
І зразу стала смутна ў хаце,
Як-бы з усіх куткоў і шчылін,
З усіх чуць-чуць заметных зьвілін
Сюды бяда панапаўзала
І гэтак прыкра пазірала
На ўсіх, ад мала да вяліка,
Бязжаласна і без’языка,
Зрабіўшы ў момант замяшаньне,
І змоўклі ў хаце ўсе дазваньня.
Зьнячэўку маці аж прысела —
Так пераборка ўжо дадзела!
Апроч таго, тут абжыліся,
На ногі трохі падняліся;
Яшчэ-б гадочак пажыць ціха,
Але найгоршае тут ліха —
Зьбірай зноў цапстрыкі, трасіся
Па каранёх з дабром, з сям’ёю
У саму бездараж вясною.