А на каго мы працавалі?
Каму пасаду гатавалі?
Так чорту лысаму з балота.
Прыпрэцца нейкая галота
Тваёю працай карыстацца,
Тваім мазолем нажывацца.
Ня толькі «дзякую» ня скажа,
А хвігу ў нос табе пакажа.
— Ну, што паробіш, як такая
Ужо нам доля выпадае?
На трэці дзень прышлі падводы.
Ўсе сваякі папрыяжджалі,
Ўвесь двор вазамі паўстаўлялі,
Як-бы прыехалі ў калоды
Ці на кірмаш каля калядак.
Тут быў страшэнны непарадак —
На тое час быў перабору.
Была адчынена камора
І сені насьцеж. Як папала,
Надоба розная стаяла.
Было ўсё зрушана, сарвана:
Крыжы з дзяжой каля паркана,
На час кароткі прыхілілісь;
Збаны, гаршкі між іх тулілісь,
І тры цабэркі там стаялі
І чарады свае чакалі;
І тут жа збоку, як той п’яны,
Ляжаў навой стары драўляны:
Варстат, на часткі разабраны,
На трэскі кінуты, валяўся;
А на вяроўцы мех гайдаўся,
Стары, скараўлены ад гною,
Забыты ўсімі пад страхою.
Пусьцела хата, сьцены, лавы
І мелі погляд няцікавы:
Ўсё тут было параскідана,
Ўсё не на месцы, няпрыбрана,
Як-бы зусім ня тая хата.
Качэргі, вілы і лапата,
Ў кутку адным цяпер стаялі;
Гвазды то тут, то там тырчалі