Старонка:Novaja ziamlia 1923.pdf/276

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Убачыў сьмерці ўсе пячаці
І ўсе адзначныя пастаці.
Міхал пачуў, што ён — пылінка,
А век людзкі — адна хвілінка.
І перад ім самі сабою,
Чуць-чуць засланыя імглою,
Жыцьця асобныя кускі —
Малюнкі, зьявы, абразкі,
Калісь прачуты, перажыты, —
Ўсплылі, як сон, даўно забыты,
І пачуваньне адзіноты,
Пустэчы цёмнае, тускноты
Яго прыгнула, прыдушыла,
І стала ўсё яму няміла.
Адно цяпер яго прагненьне —
Прад кімся пасьці на калені,
Прасіць заступы, абароны
Ад гэтай страшнае праклёны.
І ўспомніў ён адну драбніцу,
Свой страх дзіцячы ў навальніцу.
Жахліва ночка была тая!
О, гэту ноч ён памятае!
Прачнуўся — шум, бразгочуць шыбы,
Гарыць паветра іх сялібы
Агнём сьляпячым, сіняватым.
Старыя вербы каля хаты
Гудуць і гнуцца ва ўсе бокі,
Над долам сьцелюць верх шырокі,
І круціць бура ім галіны,
Кудлаціць, крышыць верхавіны,
Бы рве іх вострымі зубамі:
А гром цяжэрнымі клубамі
Зямлю, здаецца, прабівае,
І стогне хатка, іх старая
І ўся трасецца, бы націна.
А ён, малы, як ліст асіны,
Дрыжыць ад страху, жмецца, плача.
— Засьні, мой хлопча-небарача!
Ня бойся, мілы: ты — са мною! —
І матка цёплаю рукою
Яго за шыйку абнімае,
А ён да маткі прынікае;