Старонка:Novaja ziamlia 1923.pdf/249

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Гудуць жалобна, б’юцца ў шкло.
Падняўся кашаль між «зайцамі»
І ўсе зашморгалі насамі.
— Ой, фэ! ня вытрываць! ратуйце!
Хоць нашу старасьць пашануйце! —
Крычаць зайцы ўсе ў адзін голас
І на бародах скубуць волас,
А дзядзька пыхкае клубамі
І сьмех хавае пад вусамі.
Ды ў гэты момант з карыдора
Пачуўся голас кандуктора
І грук у дзьверы кулакамі.
— Эй, ты, там, торба з кутасамі!
Якога чорта гэта смаліш?
Ты мне вагон увесь разваліш!
Пакінь курыць, бо і праз дзьверы
Праходзіць дым сюды бяз меры…
Але і дым: аж з ног скідае!
Ну, проста нос табе зрывае! —
Кантроль, даў бог, прайшоў удатна.
Вайшлі ў вагон, і так прыятна
Ў вагоне дзядзьку паказалась!
Прад ім раўніна расьсьцілалась
Палёў, засеяных хлябамі:
Загоны стройнымі радамі
Антосю вочы весялілі
І на працягу цэлай мілі
Узад пачціва адхадзілі
І расступалісь прад машынай,
Як кавалеры прад дзяўчынай
Ці як прад сьвёкрам маладзіца.
Яна-ж, як вольная арліца,
Ляціць стралою, грозна дыша
І сівым дымам цяжка пыша.
І кожны міг каля чыгункі
Зьяўлялісь новыя малюнкі:
Слупы мільгалі верставыя,
Дарожкі, сьцежачкі крывыя,
Што чуць заметна споміж збожжа
Віліся ўстужкаю прыгожа:
Лясы, гаёчкі вынікалі,
І цэрквы вежамі блішчалі