Старонка:Novaja ziamlia 1923.pdf/250

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Ў жывых вянкох бяроз і клёнаў,
І пакручастых рэчак гоны
І мігацелі сёлы, дворы,
Сады, курганы, касагоры.
— Ото разгон і шыр якая! —
З сабою дзядзька разважае: —
Зірнеш — ня гледзіш канца-краю,
І гэта ўся зямлі армада
Гаспадара-цара аблада!
Вялікі богач ён на сьвеце,
Ды толькі бедны яго дзеці:
Ядуць хлябок яны з мякінай,
Зайцамі езьдзяць на машыне.
Якія дворы, божа мілы!
А ўсюды бедны люд, пахілы
Кішыць, гаротны, як мурашкі, —
І ўздых задушаны, ды цяжкі
Гатоў з грудзей яго прарвацца,
На гоман думак адазвацца.
«Эх, дзецца людзям бедным недзе!»
І ўспомніў дзядзька, куды едзе
І што яму ў той Вільні трэба.
Эх, цяжка ты, скарынка хлеба!
Пакуль пачуеш кроплю сілы,
То банк мо’ выматае жылы
Налогам, гэрбавым там зборам,
Не разьвітаешся ты з горам
І пусьціць жыць бадай ня голых.
У гэтых думках невясёлых
Антось да Вільні пад’яжджае
І свой гарнітар папраўляе.

|}