Старонка:Novaja ziamlia 1923.pdf/248

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Разьмяў крыху грудзіну, плечы
І закурыць нарыхтаваўся,
У кут паставіўшы крывульку.
Дастаў капшук, агледзіў люльку,
Прадзьмуў цыбук, задаўшы смроду,
Што аж жыдок сівабароды —
Даўно ўжо ён на дзядзьку дзьмуўся —
Шмаргнуўшы носам, адвярнуўся.
Але наш дзядзька не шманае:
Тытун у люльку накладае;
Тытун быў свой, а ня куплёны
І драў ён горла, як шалёны,
І як казаў у нас Дзямежка,
Па галаве біў, як даўбешка.
Тытун быў хвацкі, адмысловы,
І не адзін курэц здаровы,
Хваціўшы дыму галт зьнячэўку,
Як-бы сьпірытусу кватэрку,
І чхаў, і пырхаў з паўгадзіны,
І выціраў з вачэй сьлязіны,
Аж пуп яго трашчаў і рваўся.
(Ён басарабскім называўся —
Тытун той дзядзькаў самавіты).
Як чорт, быў дым яго сярдзіты.
Паклаўшы люльку, вынуў скалку,
Адкалупіў ён цыру галку
І гасіць крэсівам. Іскрынкі,
Як залаценькія пылінкі,
З нягромкім трэскам узьвіліся,
На цыр багата паліліся.
Вось дзядзька, люльку разьдзімае,
Цыбук хрыпіць, пішчыць, сьпявяе.
Дым усё большымі клубамі
Зьвісае ў дзядзькі над вусамі.
І вось, як люлька разгарэлась —
Курыць даўно яму хацелась —
Набраў ён дыму рот паўнюткі —
Цягнуў ня меней паўмінуткі —
І клуб, як з коміна, пускае.
Нясецца дым, насы зрывае,
«Зайцом» духі ён забівае;
І мух тым дымам даняло: