Ня кашляй моцна і ня грукай! —
І з гэтай мудраю навукай
Кандуктар дзьверы адчыняе
І хітра пломбу ён зьнімае,
Засадзіць гвозд, ключом пакруціць,
А страх аж вочы дзядзьку муціць,
І губа ходзіць, бы ў жаробкі.
Тымчасам дзьверы бруднай «топкі»
Ўраз адамкнуў кандуктар лоўка,
І зачыніў, бы ў клетцы воўка,
Запхнуўшы дзядзьку чуць ня сілай
Да гэтай дзіркі апастылай.
Ступіў наш дзядзька крок, спыніўся —
І сьвет яму тут зачыніўся,
Стаіць, як дурань, небарака.
— Куды-ж ты ўпхнуў мяне, вужака?
Бадай ты спрах з сваёй нарою! —
Гамоніць дзядзька сам з сабою
— Ну-ж удружыў, гад! вось усунуў! —
І ў цёмны кут ён злосна плюнуў.
— Ах, вэй! што гэта? ці сьляпы ты?
То-ж тут-жа мы! — з кута сярдзіты
Пачуўся голас чалавечы.
Аж узьняліся ў дзядзькі плечы,
Ды каб схаваць, што ён спужаўся,
Спакойна дзядзька, адазваўся:
— А, гэты вы! Нашто-ж пад сьліну
Было вам ставіць абразіну? —
Тут толькі стаў ён прыглядацца —
«Зайцы» сярдзіта мітусяцца.
Яны даўно ўжо там стаялі,
Як мышы з норак, выглядалі.
Пярэдні з іх, такі вяртлявы,
Яшчэ ўсё цёрся аб рукавы.
Было ўсё чорна тут ад сажы,
Насілась густа пылу пража;
Адно вакенечка і тое
Глядзела цьмяна, як сьляпое.
А цесната — ні стаць, ні сесьці: —
Тырчы, як пень, на адным месьце!
Але сяк-так прымайстраваўся
Наш падарожны каля печы,
Старонка:Novaja ziamlia 1923.pdf/247
Выгляд
Гэта старонка была вычытаная