Тымчасам сонейка, ўсхадзіла,
Палёў узгоркі залаціла,
І белаватаю смугою
Туман павіснуў над вадою.
Вагон бітком набіт народам.
Імчыцца цягнік поў
І толькі пыл ён падымае,
Як ад табакі, дзядзька чхае.
Вайшоў кандуктар і вачамі
Шукае торбу з кутасамі.
Стхарыўся дзядзька у куточку,
І торба з ім на тым кіёчку,
З якім наш дзядзька пехатою
Учора йшоў адзін душою.
Ня спаў ён праве цэлай ночы,
На сьвет глядзець ня хочуць вочы,
А галава сама гуляе,
Машыне тахты выбівае:
Наніз падзе, назад рванецца,
Туды-сюды яна качнецца,
І грукне ў сьцену, як дурная.
Як толькі карк яе трымае!
Так на вясельлі маладуха,
Калі датне яе сівуха,
Забудзе ўсё ды пойдзе ў скокі
І чэша дробна, рукі — ўбокі,
Ня чуе долу пад нагамі
І плешча ў тахт яна рукамі.
«Лягаш» у дзядзьку ўцікаваўся
І, як з ім толькі параўняўся,
Пад бок штурхнуў яго рукою,
Маргнуў, паклікаў галавою.
Ўсхапіўся дзядзька наш праворна,
І за кандуктарам пакорна,
Ідзе ён, стомлены, заспаны,
Ня раз схінуўшыся, як п’яны.
Прывёў ён дзядзьку ў карыдорчык
(Абодвых іх трымае ворчык).
— Ізі сюды! — кандуктар кажа: —
Я буду сам стаяць на стражы —
Ідзе кантроль, дык ты схавайся
Сядзі цішком, не адзывайся,
Старонка:Novaja ziamlia 1923.pdf/246
Выгляд
Гэта старонка была вычытаная