Як і яго людзкая хваля
Нясла, бы шчэпку ў перавале,
Як-бы хто іх тут страшна спудзіў.
Плячук тут дзядзька прынапрудзіў,
Крутнуўся моцна навакола,
Чуць з ног ня зьбіўшы балагола,
Ў жыдоўкі выбіў абаранкі,
Зато між цел прабіў палянку
Ён гэтым моцным паваротам,
У цьвёрды грунт упёршысь ботам.
Званок. Другі і зараз трэці,
І дрыгнуў цягнік, быццам чэрці
Яго сярдзіта скаланулі,
Дождж цэлы іскар сыпанулі
І страшным рогатам заржалі
Ды з дымам далей паімчалі.
Вакзал пусьцеў, люд распаўзаўся.
Антось сядзеў або сланяўся,
Балелі ногі, ўнікла сіла,
А спаць так моцненька кланіла!
— Ну, што, Антоні, рыбу вудзіш?
Засьнеш, брат, потым і ня ўзбудзіш.
Хадзем, брат, вып’ем, пагаворым! —
Сябры выходзяць крокам скорым.
Сядзяць за півам, выпіваюць,
Аб розных справах разважаюць,
А піва ім вяселіць душы,
І чырванеюць у іх вушы;
А праз кароткую хвіліну
Антось садзіўся на машыну,
На паравозе бяз білету
Чхаў да Баранавіч дасьвету.
Відаць, у добрую часіну
Зьбіраўся дзядзька ў пуцявіну:
Ў Баранавічах налучыўся
Кандуктар добры: ён згадзіўся
Давезьці ў Вільню дзядзьку сходна.
Уздыхнуў тут дзядзька наш свабодна
І, азіраючысь трывожна,
Ў вагон шыбуе асьцярожна,
Худы кандуктар тыкнуў пальцам.
І вось наш дзядзька едзе зайцам.
Старонка:Novaja ziamlia 1923.pdf/245
Выгляд
Гэта старонка не была вычытаная