Старонка:Novaja ziamlia 1923.pdf/242

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

І мара йдзе ў ажыцьцяўленьне?
Цяпер няма назад адходу!
Скідай з дарогі перашкоду,
Ні перад чым не запыняйся
І з гэтай спадчынай сквітайся,
Што засталася ад бацькоў —
Зямелькі некалькі шматкоў,
І толькі трэба йсьці станоўка,
Адно хай думае галоўка:
Як абярнуцца тут лаўчэй,
Каб справу выканаць хутчэй,
А першым дзелам справа пільна —
Паехаць трэба ў банк у Вільню
Навесьці спраўкі, сёе-тое
Ці разрашэньне там якое.
Аб гэтым шмат тут гаварылі
І ехаць дзядзьку прысудзілі.
Убраўся дзядзька, як у сьвята;
Сказаць — ня вельмі зухавата:
Пільчак быў з простага, суконца,
І той весь вырыжаў ад сонца;
Кашуля зрэбна, але бела,
А шапка козырам сядзела,
Хоць і звалася добра з горам:
А боты вымазаў ён здорам:
А на кіёчку за плячамі
Вісела торба з кутасамі:
У торбе хлеб, кавалак сала,
З кішэні люлька пазірала —
Таварыш верны і нязьменны —
І з тытуном каптук раменны.
Незухавата, але гладка,
На ім ляжала ўся апратка.
Вось дзядзька ўжо Маргі мінае
І ў даль з задумай паглядае;
Ідзе, на жыта, погляд кіне,
На нівах сэрцам адпачыне,
Ідзе далей, ізноў сьцігае,
Дарога гэта — не малая!..
І думаў дзядзька, каб таней як,
Хоць-бы за, трыццаць пяць капеек —
А чым таней, тым лепш, вядома —