Не! духа волі плынь жывая
Такога ладу ня прыймае
І ня прыхіліцца ніколі
Да гэтай лішне простай долі,
Бо сьвет і жыцьце многалучны
І многавобразны, выключны,
Таемна схованы, цікавы
І рознастайны іх праявы,
Дзе кожны момант хвалі новай
Нам штось гуторыць сваёй мовай
Для сэрца і для разуменьня;
Дзе поўна ўсё свайго значэньня,
Прыгожства, чар і глыбіні,
Дзе граюць вечныя агні,
Дзе патаемныя крыніцы
Зьвіняць, як струны зараніцы…
І толькі шкода: абмяжован
Ты, круг жыцьця, і ў путы скован
Варожым поясам спавіты,
Сатканым злыднямі ў тры віты,
З прыбітай цёмнаю пячацьцю,
Як падзалежнае закляцьцю.
Я знаю: скончыцца дарога,
Бо ноч нябыту, ноч-аблога,
Сачыць наш час ад дню раджэньня
Сьляпымі зрэнкамі зацьменьня,
Як дух закляцьця, дух праклёну.
Ды покі круг мой незамкнёны,
Я зноў хачу зірнуць назад
Пад тыя стрэхі родных хат,
Дзе зачалася пуцявіна,
Дзяцінства сьветлая часіна…
Дарогі, вечныя дарогі!
Ня вечна-ж ходзяць па вас ногі!
Дык так: зрабілі і пачатак —
Тры соткі дадзены ў задатак!..
Няўжо то праўда, не вяроза?
Няўжо канец табе, пагроза
І вечны ціск пад панскім ботам
І страх знайсьці канец пад плотам?
Няўжо то праўда, а ня сьненьне,