Далей ад‘ехацца ад дому.
У дзядзькі ў Стоўпцах быў дружака,
Вакзальны стораж, Доніс Драка;
Ён машыністых знаў каротка,
Кандуктарчыха — яго цётка,
А з качагарам жыў, як з братам,
І быў канторшчык яго сватам;
З тэлеграфістымі ён знаўся,
А з дзядзькам летась сябраваўся.
Падумаць толькі — чуць ня шышка!
І з аднаго яны кілішка
У цёткі Гэні выпівалі
І разам восі яны кралі.
І гэтай думкай, як-бы хваляй,
Падхвачан дзядзька, чэша далей
З узгорку ўніз, ноў на ўзгорак,
Як-бы па хвалях лёгкі корак.
Але не-не, ды смутна стане,
Як ён палі вакол агляне
І гэты лес, смугой засланы,
І родны Нёман, і курганы, —
І хвайнякі і грушы ў полі,
Як-бы ня бачыў іх ніколі.
І блізкі сэрцу яго сталі
Малюнкі гэтай роднай далі,
І нейкі смутак, жаль нахлынуў,
Як-бы надоўга іх пакінуў.
Ідзе наш дзядзька, разважае
І лес Сустрэнаўку мінае,
Праходзіць грэблю і балота.
Лажылась сонца пазалота,
На верх лясоў чырвоным шляхам,
І ноч панурым крылом-махам
У змрок нізіны спавівала,
І сон на землю навявала.
Вось кончан лес, і Стоўпцы блізка.
Туман на возера лёг нізка,
Вада шумела каля мліна,
Сьвістала голасна машына,
А там, за возерам, як струнка,
Цягнулась роўненька чыгунка,
Вось пераезд, даўно знаёмы;
Старонка:Novaja ziamlia 1923.pdf/243
Выгляд
Гэта старонка была вычытаная