Старонка:Novaja ziamlia 1923.pdf/224

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— Марыля, гу! — Гу-гу, Тацяна!
— Гу гу, Магдуся! Гу, Мар‘яна!
— Антоля! цётка Міхаліна!
— Алеся! Зося! Катарына! —
Па лесе ходзіць пагалосак
Дзяўчат, жанок вакольных вёсак:
Грымяць, трасуцца баравіны,
І бас тут чуецца мужчыны.
Але ўсяго тут цікаўней —
Прынамсі так было даўней,
Калі сьвяржэнскія кабеты
Капэльляй прыдуць у лес гэты,
Ды з іх кабеціна якая
Капэльлю згубіць і гукае
І па імёнах называе:

„Каруся, Палуся,
Цацэля, Марцэля,
Алена, Магдалена,
Зося, Антося,
Анэта, Праксэта,
Цётка Югася,
Бабка Кася, гу-у-у!»

І сьмешна часам і цікава,
Як-бы тут робіцца аблава.
Шнуруюць бабы і дзяўчаты
І кантралююць мох узьняты
І тыя кучачкі калюшак,
Дзе грыб схаваў свой капялюшык.
Другая нізенька прыгнецца,
Ня ходзіць — поўзае вакол,
Рукою мацаючы дол,
Як бы на клад найшла, здаецца,
І так стараненька шукае:
І пад ялоўчык заглядае,
Пад верасок і пад хваінку,
Разгорне кожную гарбінку
І моху купінку ўзьдзярэ —
Ну, ўсё, як ёсьць, перабярэ.
А як надарыцца часамі
Табе, вандруючы лясамі,