На мой манер і на мой лад
І апісаць усё падрад,
Я, адчуваючы патрэбу
Аддаць падзяку зямлі, небу,
Хачу ў парэчынскі лясок
Зайсьці яшчэ, ну, хоць разок,
Узяўшы кошык ці каробку,
І ўжо тады паставіць кропку
І кончыць з летняю парою.
Мне не даюць грыбы спакою,
Баравікі мне часта сьняцца,
Мне з імі трэба паквітацца;
Я чую — грэх іх абмануць,
На іх увагі не зьвярнуць.
Чорнагаловыя, ўдалыя,
Баравічкі мае любыя!
Якою слаўнаю сям’ёю
Вы ўстаіцё перада мною!
Я помню летнія часіны
І вас, грыбныя баравіны!
Ранюткі час. Нідзе нікога.
Між дрэў зьвіваецца дарога,
А па дарозе ты з кашом
У лес шыбуеш ціхачом,
Каб ашукаць жанок руплівых,
Бяссонных, вечна клапатлівых,
І ім на злосьць, на зайздрасьць тую
Набраць грыбоў капу, другую,
Пакуль агледзяцца яны,
Што там «карэнчыкі адны».
Наладзіў струны лес маўклівы
На лад вясёлы, на шчасьлівы;
І толькі сонцаў круг чырвоны
Асыпле золатам кароны
Высокіх хвой у тым бары
І кіне багру па кары, —
Ачнецца лес, зьвіняць прагалы.
Як многаструнныя цымбалы,
І толькі пошчак той якоча,
Пераліваецца, гагоча,
Бяжыць па ўзгор‘і між палянак.
Як сьпеў размашыстых гулянак.
Старонка:Novaja ziamlia 1923.pdf/223
Выгляд
Гэта старонка была вычытаная