Старонка:Novaja ziamlia 1923.pdf/225

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Найсьці на неруш, дзе ніколі
Ніякай Тэклі, ні Аўдолі
Нага, ні разу ня ступала
І вока іх не зазірала!
Зірнеш і страчваешся ты:
Сядзяць грыбы, як капыты,
І, разгарнуўшы парасоны,
Глядзяць, бы нейкія пярсоны,
Крыху сур‘ёзны, чуць пануры —
Відаць, ня простае натуры.
Якія постаці іх, міны!
А як пралазяць скрозь галіны!
Як пад ялоўцавыя лапкі
Яны хаваюць свае шапкі!
Стаіш, бы ўкопаны, прад імі
І прагна мерыш іх вачымі.
Яны-ж, ну, вочы адбіраюць,
Цябе аж дрыжыкі праймаюць:
Так многа іх, і ўсе таўсматы,
Прыземісты, карэнкаваты,
Чорнагаловы, поўнацелы,
Як тонкі кужаль, зьнізу белы;
Сядзяць асобна і радамі,
А дзе і зросшысь спарышамі,
Што ні асоба — свой узор,
Свая пасада і свой двор.
Глядзіш на іх — і сэрцу міла,
Як-бы з іх сходзіць нейка, сіла,
Цябе чаруе, захапляе,
Па жылах радасьць разьлівае.
Дадому прыдзеш, ляжаш спаць —
Так уваччу яны й стаяць…
Эх, досьвітак маленства, лета!
Вамі навек душа, сагрэта!

|}