Старонка:Novaja ziamlia 1923.pdf/222

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

У кожнай бабкі асабісты,
А наагул усе фарсісты.
Зірнеш — дальбог-жа, возьме ўцеха,
І ня стрымаешся ад сьмеху:
Яны так мілы, так прыветны,
Так самавіты, так фацэтны
І пазіраюць так прыхільна,
Прыгледзься толькі да іх пільна!
І многа-ж іх: ня зьмерыш крокам
І не акінеш нават вокам;
Стаяць радамі, зухаваты,
Як на ўрачыстасьці салдаты.
А тая ранічка на полі
У часе летняга расквету!
Эх, выйдзі ў поле, брат, дасьвету:
Ня будзеш каяцца ніколі.
Зірні, прыслухайся наўкола:
Як ціхамірна, як вясёла!
І ў кожным древе, і былінцы,
І ў малюпасенькай расьлінцы
Ну, ва ўсім чысьценька дазваньня
Блукае радасьць спадзяваньня.
Куды ні глянь — усё ў настроі
І ў добрай згодзе між сабою.
Само паветра жыва, дыша,
Бы ў ім хтось хвалы жыцьцю піша,
Праменна-сьветлы, яснавокі,
І гаснуць-нікнуць ночкі змрокі.
Усход жыве, гарыць, палае,
Слупы-праменьні падымае,
Бы тыя рукі блаславеньня
У часе шчырага маленьня.
І вось яна, жыцьця крыніца,
Сама багіня-чараўніца,
Ўзышла на неба і міргнула,
Расу ў брыльлянты абярнула,
Глядзіць прыветна, ўсіх кахае,
Па сьвеце стрэлы рассыпае
І песьціць шчыра ўсіх, як матка…
Хіба забудзеш міг той, братка?
Каб завяршыць малюнак лета,
Каб песьня ўся была дапета