Дапраўды: ўзмахаў гэтых мгненьне —
Адна любота, заглядзеньне!
Гарачы дзень! Эх, сьпёка, сьпёка!
А прохладзь вечара далёка.
Замлела ўсё ў жары-тамленьні,
Зямля гарача і каменьні;
А ўсюды ціха, нема, глуха,
І толькі заедзь каля вуха,
Гудзе агідна, надаедна,
Бы сама наша доля бедна,
Ды дзіцянё з лубка-калыскі
Заводзіць плачы свае, піскі,
А кучаравыя снапочкі,
Над ім злучыўшы каласочкі,
Стаяць спакойна і маўкліва,
Бы кажуць жнейкам тым жычліва:
«Да нас ідзеце, дабрадзейкі!
Пад наш цянёк хавайцесь, жнейкі!»
А жнейкі жнуць. Іх твар палае,
Іх пражыць, сушыць смага тая,
Якую трудна ім здаволіць,
Якая толькі «піць! піць!» моліць.
Сярпок скрыгоча прагавіта,
Жытцо згрызаючы сярдзіта,
Як-бы яму ўсё мала стравы —
Ня дарма-ж вылез ён з-за лавы;
Цяпер яго краса-часіна:
Шпарчэй, шпарчэй-жа гніся, сьпіна!
І сьпіны гнуцца, бы ныраюць;
Па струнах-кольвах пальцы граюць,
На прост кладуцца жмені жыта,
Растуць снапочкі самавіта,
Стаяць, бы лялечкі якія,
Глядзяць, як госьці дарагія.
Прыйдзі пад вечар ты на поле
І палюбуйся ім, саколе!
Ў якія роўныя шнурочкі
Цяпер пакладзены снапочкі!
І як прыгожа-слаўны бабкі!
Якія ладныя іх шапкі!
І хоць яны ўсе адзінакі,
Але і выраз і адзнакі
Старонка:Novaja ziamlia 1923.pdf/221
Выгляд
Гэта старонка была вычытаная