Старонка:Novaja ziamlia 1923.pdf/220

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Застылі хмаркі залатыя.
Дымок танюткі, белаваты
Ўжо павіваецца над хатай,
Бо трэба-ж выпаліць печ тую
Ды йсьці на ніўку маладую.
Угрэла, сонца. Жней чародкі
Ідуць паважна, як лябёдкі
У хустках лёгкіх, кофты белы,
Іх рукі дужа загарэлы.
Ідуць дзяўчаты, маладзіцы
І жарты строяць, як блазьніцы,
Ідуць шумлівы, гаварлівы,
Зьвініць іх голас, сьмех шчасьлівы;
Чутна і песьня маладая,
І поле раптам ажывае.
І мацяркі з дзяцьмі малымі
У лубкох-калысках за плячымі —
Такая ты, жаночча доля —
Марудна цягнуцца на поле.
Прыйшлі на вузкія загоны,
Дзе каласочкі шумы-звоны
У таямнічны сьпеў зьлілі,
Упаўшы чолам да зямлі.
Гарачы дзень. На полі душна.
Прыціх той ветрык непаслушны,
Як-бы сваім аддаўся марам.
Зацішак поля дыша варам
І гоніць з твару поту рагі,
І сохнуць губы ад тэй смагі.
А жнейкі жнуць. У моры збожжа,
Мільгае постаць іх прыгожа,
Калі ў паверхні таго жыта
Ўсплыве галоўка самавіта
І так прыгожа азірнецца,
А гібкі станік разагнецца,
Або калі над галавою
У жнейкі спрытнаю рукою
Пучок калосьсяў мільгатнецца,
Апіша дужку, бы вяс лку,
Бы нейкай зьнічкі сьлед пагаслы,
І борзда ляжа, ў перавяслы,
Што распасьцёрты на падолку…