Тужыць аб леце ранавата.
Яшчэ ня раз у часе жніва
Дзяньніца зоймецца шчасьліва,
І ў ясным блеску і ў красе
Адб’юцца хораша ў расе
Яе кароны агнявыя,
І пасмы-косы залатыя
Скрозь тоўк нябёс ружова-белы
Рассыплюць радасныя стрэлы,
Бы ліры божжай тыя стрункі,
Бы тыя чары-пацалункі
На вуснах шчырага каханьня
У патайны часок спатканьня.
Яшчэ нямала дзён цікавых
І раніц сьветлых і ласкавых,
Калі туманам белаватым
Лясок атуліць свае шаты,
А на палёх у белі жыта
Сьмех заблукае самавіта —
Ружова-бледна чырвань-зьяньне,
Дзяньніцы ціхае вітаньне.
Дык не гаруй-жа, брат-нябога:
Дзянькоў вясёлых яшчэ многа!..
І так заціхлі сенажаці,
Пайшла каса адпачываці,
Да часу зьвісшы пад страхою,
Каб быць заўсёды пад рукою
На ўсякі выпадак, патрэбу.
Цяпер увагу дайце хлебу —
Сярпок крывенькі просіць дзела,
Жытцо падходзіць, пабялела.
Саломку выгнуўшы дугою,
Зьвісае колас над зямлёю,
А сьпела-поўныя зярняткі
Глядзяць, як спонкі-вачаняткі,
Нібы ім хочацца хутчэй як
Спаткаць-убачыць мілых жнеяк.
Прыйшоў жаданы час спатканьня.
Глядзіць прыветна дзянёк зраньня;
У блеску сонца нікнуць росы;
Сьвяжуткі, чысьценкі нябёсы,
Бы тыя вочкі маладыя. і
Старонка:Novaja ziamlia 1923.pdf/219
Выгляд
Гэта старонка была вычытаная