Старонка:Novaja ziamlia 1923.pdf/218

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

На другі год касцоў прыбудзе! —
Пад гэты гром, пад дождж упарты
То там, то тут пачуеш жарты
І сьмех вясёлы, піск дзявочы,
Бо хто-ж крануць іх не ахвочы?
Але й дзяўчаты язык маюць
І востра хлопцаў падсякаюць,
Ня робяць жартам перашкоды.
За тыдзень добрае пагоды
Праходзіць, глухне касавіца,
І толькі дзе-ня-дзе капіца,
Стуліўшысь ціха над вадою,
Глядзіць забытаю ўдавою,
Бы нейкі жаль яна хавае
І сэрца смуткам авявае:
Ды стогі, сьведкі цяжкай працы,
Стаяць, як панскія палацы.
А пышны луг так абяздолен,
Стаіць, пакошан і аголен
І выгляд мае засмучоны.
Гракі і галкі і вароны
Даўно дзяцей павывадзілі,
Над гэтым лугам закружылі,
Ляцяць сюды на раздабыткі —
Цяпер тут добрыя спажыткі.
Эх, скошан луг, — і зьніклі краскі.
Бы тыя чары мілай казкі,
Якую ў часе вандраваньня
Ці адзінокага блуканьня
Табе складаюць думкі самі
І залатымі паясамі
Твае прыгоды спавіваюць
І лёсы жыцьця аздабляюць.
Глядзіць пакоша-луг гаротна,
На сэрцы робіцца маркотна.
Эх, лета-лецейка любое,
Ты адцьвітаеш, залатое!..
І так паволі, неўзаметкі
І нашы зьвянуць жыцьця кветкі.
Але касьба — пачатак лету.
О, колькі ў ім яшчэ прывету!
Прыгод усякіх так багата —