Стрыжэ-глядзіць, як зьмей вачамі,
І сучыць срэбраныя ніткі
У шнур дажджаны ўвачавідкі.
А дождж шуміць, а дождж гудзе
І бліжай-бліжай ён ідзе
І даль туманам засьцілае.
Упала кропля і другая,
За імі цэлым вадаспадам
Буйныя капкі, як-бы градам,
Па лісьцях дуба секанулі
Ды далей сетку пацягнулі.
І вось жахнула бліскавіца,
Як вогнемгненная крыніца,
І гром-пярун сталёвым бічам,
Бы нейкі зьвер страшэнным лычам
Арэ, трасе, калоціць хмары,
Зямлю, надземныя абшары,
Бушуе доўга, абурліва,
Над лесам коціцца, гняўліва,
І гэты гоман, гнеў дрыгучы,
Злучае зноў у стрэл магучы,
Густы, злавешчы, віхрабежны
І нястрыманы і драпежны,
І так цяжэрна націскае,
Як-бы зямлю дзесь угінае.
І шугнуў дождж налётам сьмелым,
Павіс абрусам густа-белым
Над гэтым лугам, над палямі
І льлеца, коса ручаямі,
Бы невад цягнецца грымотны,
І б’юцца кроплі ў пыл вільготны.
Зірнеш вакол — адна любота!
На лузе спынена работа,
Жанкі, дзяўчаты і мужчыны
Бягуць пад копы, пад драбіны,
Каб менш быць змочаным дажджом;
А хто, накрыўшысь халатом,
Ці так накінуўшы дзяругу,
Сядзіць квахтухаю срэдзь лугу.
— Давай, давай, дожджык, накропу!
Сюды, дзяўчаткі, лезьце ў копу:
Дасьць бог на нашым гэтым грудзе
Старонка:Novaja ziamlia 1923.pdf/217
Выгляд
Гэта старонка была вычытаная