Старонка:Novaja ziamlia 1923.pdf/216

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Адзеўшы лёгкую сарочку;
І гасьне дзень у задуменьні,
Як гаснуць жыцьця лятуценьні.
Зірні на луг прад навальніцай,
Калі крыжастай бліскавіцай
У страсе твар ахрысьціць хмара,
І сілай грознага цяжару
Ўскалыша землю шум дрыгучы —
Далёкі, устрымлены, магучы —
І здрыгане нябёс разлогі,
Як голас божжай засьцярогі.
Зірні тады на гэту шыр:
Трасецца-ходзіць луг, бы вір,
Вы той кацёл у час кіпеньня, —
Ўсё поўна руху і імкненьня.
Ой, час гарачкі, ой, час цяжкі!
Бягуць касцы, ну, як мурашкі,
Бягуць грабцом на дапамогу
І раптам б’юць усе трывогу.
А хмары ўсталі нечакана,
Ходь праўда, парыла ўжо зрана;
Беларужовыя іх шаты
Вісяць маўклівы і зацяты,
А кучаравыя клубішчы,
Як на ўсясьветным пажарышчы,
Растуць, расквечваюць на сонцы
Свае клубочкі-валаконцы
І ткуць сярэбраны масток,
Дзе гром застукаў, як чаўнок.
Пад шум, пад грукат навальніцы,
Як-бы па знаку чараўніцы,
Ўстаюць-растуць на лузе копкі,
І луг пабраўся ўвесь у бобкі.
А пад хваінаю на грудзе
Вакол стажка аж кішаць людзі,
Гарачка ўсіх бярэ такая,
Што пот ім вочы залівае,
Бо хмара сіваю градою
Ўжо зьвісла нізка над зямлёю,
Ідзе гняўліва, пасмы сьцеле,
Блішчыць-гарыць яе кудзеля
І пакручастымі жмутамі