Старонка:Novaja ziamlia 1923.pdf/212

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Як на насок, так і на пятку
І на кляймо, на шыйку тую;
Глядзіць мінуту і другую.
Ды для касы гэтага мала:
Спрабуе кіпцем яе джала,
І спробу зробіць над абухам.
Тады паверка йдзе ўжо вухам,
Ці добра звоніць коска гэта —
У дзядзькі тут свая прымета,
Ды я ня ведаю, якая,
І дзядзька косцы загукае:
„Ка-са!“ і вуха прыкладае —
Сакрэт знаў дзядзька ў гэтай штуцы:
Каса павінна адгукнуцца;
Калі-ж каса не гаваркая,
То дзядзька спосаб яшчэ мае:
Насьлініць, выцершы насуха,
Рубец касы, той край абуха,
І ўпапярок у тую сьліну
Кладзе саломінку-націну,
І тут каса ўжо, брат, ня схлусіць:
Удоўж саломка легчы мусіць.
Купіць касу — о, гэта штука!
Яшчэ больш важная навука —
Умець дагнаць касу да ладу
І даць ёй выклепку, асаду.
Мастак быў дзядзька і на гэта,
Ён ладзіў многа кос у лета
І так наклепле іх, асадзіць,
Што хто на коску ні паглядзіць,
То толькі ахне ўжо ад дзіва
Ці галавой кіўне маўкліва.
За дзень, за два да касавіцы
Зьвіняць, гамоняць вакаліцы
На ўсе лады, на ўсе галосы —
Пайшлі кляпаць і ладзіць косы.
Настаў дзянёк, даўно чаканы.
Пакаты ўзгор‘я і курганы
Узьдзелі чырвані кароны,
І стрэхі сонцам пазлачоны;
Туманаў лёгкія паромы
Над рэчкай віснуць нярухома,