А ў люстры водаў гэтай рэчкі,
Як закаханая дзяўчына,
Глядзіцца пышная вярбіна.
Ў бліскучым лісьцейку, як сьвечкі
На аўтары ў часы маленьня,
Іскрацца сонейка праменьні,
Бы сьмех бязгрэшны і шчасьлівы.
А там, на ўсходзе, пералівы
Агністых фарбаў робяць дзівы
І сыплюць шчодра ад усходу
Зямлі і небу радасьць, згоду.
І чуткі струны гэтай цішы!
Іх подых ветрыку ўскалыша,
І нават з дрэва лісьцік кволы
Адб‘е ў іх голас свой вясёлы.
Але паслухай, мілы дружа:
Эх, што за хваля і як дужа,
Разгонна, сьмела і вагромна,
Плыве па струнах тых з-пад Нёмна!
Ідуць касцы, зьвіняць іх косы,
Вітаюць іх буйныя росы,
А краскі ніжай гнуць галовы,
Пачуўшы косак звон сталёвы.
Касцы ідуць то грамадою,
То шнурам цягнуць, чарадою,
То паасобку, то па пары;
Ідуць касцы, ідуць, як хмары,
І льлецца сьмех іх разудалы,
Як веснавыя перавалы.
Гаворка, шум і коней ржаньне —
Касьбы вясёлае вітаньне.
Касцы, ваякі ціхай працы,
Выходзяць з косамі на пляцы,
І на палоскі верставыя
Кладуцца коскі іх крывыя —
Пайшлі праверкі і прамеры,
Каб больш мець пэўнасьці і веры
І каб ня вышла перакосу
І не зайсьці ў чыю палосу,
Бо будзе крыку, будзе сваркі, —
Няхай лепш цэлы будуць каркі.
Але бывалі ўсё-ж здарэньні,
Старонка:Novaja ziamlia 1923.pdf/213
Выгляд
Гэта старонка не была вычытаная