Перайсці да зместу

Старонка:Novaja ziamlia 1923.pdf/211

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Як маладая чараўніца,
Цябе сягрэе мілым сьмехам,
Авее духам чыстым бораў,
Палёў, лугоў, нябёс прастораў
І сыпне радасьць нізкім стрэхам.
Ды толькі будзе той дастойны
Вітаць у ранічак спакойны
Златавалосую багіню,
Той да грудзей яе прыхіне,
Яе пацешыцца красою,
Хто сам абмыецца расою.
За колькі дзён да касавіцы
Касцы заглянуць на паліцы,
Каб малаток знайсьці і бабку:
Ідзе работа, ня сьпі ў шапку.
Агледзьце, братцы, добра, косы,
Каб не псаваць свае пракосы,
Каб не ўвадзіць людзей у грэх,
Касарства зводзячы на сьмех,
Пахібка знайдзецца якая,
Наш дзядзька першы ня ўтрывае
І на пакошу тыкне пальцам:
Бяда няўмекам і нядбальцам,
Хто шнур зжуе няроўным плехам —
Антось яго ўжо дойме сьмехам,
Задзене проста за жывое,
Хоць сэрца ў дзядзькі і ня злое.
Затое-ж дзядзька хват і дока,
Набіў на косах сваё вока,
І калі выбера ён коску —
Ня пара іншаму падоску:
І ярка, лёгка, спрытна, гонка;
Другі лягчэй знаходзіць жонку,
Свой вечны лёс, сваю красу,
Чым дзядзька добрую касу.
І паглядзець было цікава,
Як дзядзька шчыра і ласкава
Касу на рынку выбірае!
Якіх ён спроб там ня ўжывае!
Сьпярша агледзіць яе пільна,
З усіх бакоў глядзіць прыхільна
І паступова, папарадку,