Старонка:Novaja ziamlia 1923.pdf/210

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

XXV.

ЛЕТНІМ ЧАСАМ.

Прайшоў Вялікаднік сьвяценькі.
Бяруцца людзі за сявенькі,
За плуг, за бораны, за сохі,
Пайшлі разгульвацца патрохі.
Запахла поле зноў ральлёю:
Гракі, вароны чарадою
За сьвежай ходзяць баразною.
Вясёлы шум і пануканьне
Чутны да самага зьмярканьня.
А над палямі ў ясным небе
Сьвятымі песьнямі аб хлебе,
Які даручан гэтай глебе,
Зальлюцца жаваранкі хорам,
І песьні моўкнуць па-над борам.
А сам той бор глядзіць з усьмехам
І ўторыць чуткім сваім рэхам
І сьпеву-посьвісту драздоў,
І громкім трубам пастухоў,
І ціхай дудцы за гарою.
Адна работа за другою
Ідзе-плыве сваёй чаргою
То ў агародзе, то на полі
І ня спыняецца ніколі;
І так у клопаце, ў рабоце,
Ці то ў няволі, ці ў ахвоце
Вясна мінецца, прыдзе лета.
Тады што дня ўставай дасьвету;
І вогнявокая дзяньніца,