Старонка:Novaja ziamlia 1923.pdf/200

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

А ў трэцяй пары аказаўся
Ніхто другі, як наш Гавака;
Аж уздыхнуў ён, небарака.
Разьмеркаваўшысь такім чынам,
Паны па розных пуцявінах
Ідуць на токі з лясьнікамі.
Міхал здалёк пайшоў цянькамі:
Гатовы плян даўно ён мае,
Ідзе і Сьвіду навучае,
Гаворыць з прыціскам, хоць ціха,
Каб ня ўстрывожыць тое ліха.
— Вось тут, паночку, «такавіска»,
Глушэц асочаны ўжо блізка,
Няхай-жа пан ідзе ціхутка,
Бо гэта штучка вельмі чутка:
Не асьцярогся — і прапала.
І Сьвіда слухае Міхала,
Што толькі той ні загадае.
Міхал над панам волю мае,
Цяпер ён пан хоць на мінутку.
«Скачы-ж, браток, пад маю дудку,
Прызнай-жа мне і ты пашану!»
Міхал у думках кажа пану.
— Як скокну я — і пан хай скача;
Спынюся я — і пан спыніся!
Глядзі-ж, панок, не памыліся,
Каб тут ня вынікла няўдача! —
Міхал замёр, стаіць маўкліва,
А з ім і Сьвіда нярухліва.
У лесе значна пасьвятлела,
І вось дзесь блізка, перш нясьмела
Заграў глушэц і абарваўся,
Ды зноў зачаў, разбалбатаўся.
<span style="border-bottom: 1px dotted red; cursor: help;" title="Міхал даў знак. Скок-скок! Спыніўся.
З ім радам Сьвіда апыніўся.">Міхал даў знак. Скок-скок! Спыніўся.
— Ці бачыць пан? унь-унь чарнее…
Ой, не: хай, пан, цярпець умее! —
А Сьвіда стаў пароць гарачку
І ўжо у стрэльбе ўзьвёў сабачку.
— Ня руш! ня руш, пан! о, крый божа:
Пан папсаваці справу можа! —
Яшчэ мінуту улучылі,
На крокаў дваццаць падступілі.