Старонка:Novaja ziamlia 1923.pdf/193

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Абрыцкі рапарты прыймае,
Хто чуў глушца, якія токі,
Адлегласьць мерае на крокі,
А Дзямідовіч люльку смаліць,
Ніяк глушцоў сваіх ня хваліць.
— Няма нідзе, папрападалі,
А мо‘ на зіму паздыхалі, —
Гаворыць ён, рукой махае.
Яму Міхал напамінае,
Як летась ён усім на дзіва
Упаляваў зайца, шчасьліва,
Калі той здуру памыліўся
І сам у яму заваліўся.
І ўсе сьмяялісь, рагаталі
І з тога зайца жартавалі.
— А што-ж тут вельмі выпірацца?
І з-за чаго ўжо так старацца?
Брашы ўсю ноч хоць, як сабака —
Адна і ласка і падзяка.
Міхал занадта ўжо служака,
А медалёў не начапілі,
За глупства ў лыжцы-б утапілі.
— Ты праўду кажаш, пан Амброжа,
Ды йначай наш Міхал ня можа:
Натура ўжо яго такая! —
І Астахновіч зазначае.
Вясёлы сьмех і жарты, спорка —
Вядзецца доўгая гаворка,
Будан жыве, будан гуторыць,
Аж покі сон усіх ня зморыць.

|}