У небе зорачка нясьмела,
Над гэтым лесам цемраністым
Зірнула вокам прамяністым.
А лес маўчыць, глухі, таемны.
Міхал — сам слых, але дарэмны
Вушэй чульлівых натужэньні:
Нідзе ні зыку-шарасьценьня,
І толькі шум, бы кім насланы,
Бы тыя гулкія арганы,
Ў вушшу стаіць, грыміць і звоніць
І штось няўцямнае гамоніць.
«Чусь сю! чуг-гі!» — дзесь зык падаўся.
Міхал як-бы чаго спужаўся,
І сэрца ў ім мацней забілась,
І радасьць нейкая зьявілась.
Глушэц чым далей, то ўсё болей
Дзесь на суку за тоўстай хвояй
Расьсеўся важна і балбоча,
А як сьпявае — плюшчыць вочы,
Тады нічога ён ня чуе:
Але ня цягам ён такуе,
А робіць часта перарывы,
Тады ўжо чутак ён на дзіва,
Тады замры і стой зацяты;
Пачне сьпяваць — хоць бі з гарматы.
Міхал стаіць, штось разважае,
Відаць, ён месца замячае,
А кашаль, падла, так і душыць.
Міхал наш з токаў хоча зрушыць,
Ісьці ў будан, той, ды ўнікае:
Другі глушэц ток зачынае,
Перачакаўшы з паўгадзіны,
Міхал павольненька, як можна,
Пакінуў токі; асьцярожна,
Выходзіць зноў на пуцявіны.
Цяпер на збор і ён шыбуе,
Чаго-сь вясёлы, ног ня чуе;
А лясьнікі ўжо ўсе у зборы.
Ідзе гаворка сярод бору
І сьмех і жарты, нават кпіны.
Агонь бадай да палавіны
Высокіх хвояў дасягае.
Старонка:Novaja ziamlia 1923.pdf/192
Выгляд
Гэта старонка не была вычытаная