Старонка:Novaja ziamlia 1923.pdf/191

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Але глушца там не засталі.
Стаяць Вярыга і лясьнічы.
— А дзе глушэц, пан паляўнічы?
— Вось тут сьпяваў, панок, учора,
Ды перастаў на маё гора. —
Вярыга вочы апускае,
Лясьнічы воўкам пазірае
І — плясь у морду нечакана!
Вось як Вярыга падвёў пана!
— Ну, што-ж? натрапіў на такога;
А каб наскочыў на другога,
Сказаць, хоць-бы і на Пшавару:
Задаў-бы ён там пану жару! —
Гавака важна адазваўся;
Абрыцкі толькі аблізаўся,
А лясьнікі зарагаталі
І тым Гаваку падтрымалі.
— Ну, што, панове ягамосьці:
А ці ня час рушыць ў госьці? —
Абрыцкі погляд ускідае
І шчыльна люльку накладае.
— Што-ж! трэба рушыцца — цямнее:
Якраз зьлятаюцца, зладзеі!..
Эх, брат, наняўся — як прадаўся! —
Сказаў Міхал і сам падняўся;
За ім другія паўставалі
І ў цёмны лес павандравалі.
І разышліся ва ўсе бокі
Сачыць глушцоў, шукаць іх токі.
Міхал з дарогі зварачае
І далей, глыбей забірае.
Вось ён разважліва спыніўся,
Прыслухаўся і прытаіўся;
Яшчэ павольненька праходзіць,
Дазорчым вокам лес абводзіць.
Стаяць вакол маўкліва хвоі,
Бы служкі ў панскім дзесь пакоі;
І дрэмлюць чорныя яліны,
І моўкне ў лесе сьпеў птушыны,
І толькі дрозд высьвістваў штучна,
Як на клярнэце, мілагучна;
Ды змоўк і ён, і ўсё зьнямела.