Старонка:Novaja ziamlia 1923.pdf/189

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Ўжо лясьнікі немаладыя.
І хлопцы сталыя, такія,
З якімі можна выпіць чарку,
Таксама й езьдзіць па іх карку,
Чаго Абрыцкі ня цураўся.
Па службе выйдзе папушчэньне
Ці так ня важнае здарэньне,
Абрыцкі пэўна ўжо падкусіць,
Данесьці пану аб тым мусіць
Ды ад сябе яшчэ прыбавіць,
Каб чалавека абясславіць:
Дык на яго ня мелі вока
І з ім трымаліся далёка,
Хоць гэта ў вочы не казалі
Ды лясьнікі здарэньне зналі,
Калі Абрыцкі абмахнуўся
І пад Пшавару падвярнуўся.
Пшавара, быў лясьнік сярдзіты,
Апроч таго, ня лыкам шыты:
Шырок, плячыст, як дуб стары,
І з ім да трох не гавары!
І дужы быў ён не па меры.
Ён быў з Абрыцкім на кватэры,
І вось які быў тут учынак:
Пшавараў конь каля драбінак
Стаяў і хрумстаў сабе сена,
Сянцо мурожнае, бы пена.
Вярхом Абрыцкі прыяжджае,
Сюды свайго каня стаўляе.
Пшавара гэта заўважыў.
— О, каб яго пярун распляжыў!
Які-то гад, які вужака,
Які-то кручаны сабака
Пусьціў каня да майго воза?
— Якая страшная пагроза!
І што за тон такі мужыцкі? —
Азваўся з гонарам Абрыцкі: —
Ну, я пусьціў, то што тут будзе?
Табе што з гэтага прыбудзе? —
Ўскіпеў Пшавара ў момант вока;
Дуга была тут недалёка —
Ляжала тут-жа пад рукою —