І больш тулілісь па лагчынах
Ды па цяністых раўчавінах.
Зіма і тут зьбірала клумкі.
Міхал ішоў, з ім йшлі і думкі,
А з імі вобразы ўставалі
І ў сэрцы водгук выклікалі.
І часта хваля абурэньня,
Глухі протэст нездаваленьня
Яго ахваціць і ўскалыша
І гневу знак ў душы напіша.
Паном пацеха і забава,
І ў іх гусьце гэта справа:
А ты, як Каін, валачыся,
У будане па тыднях гніся
Ды часам пану не ўнаровіш
І «пся крэў», «дурня» часта зловіш,
З апошніх слоў цябе аблае,
А то і горш яшчэ трапляе.
Была-б свая зямля і хата!..
Ды будзь ты тры разы праклята,
І служба панская, і ласка,
І доля вечная падпаска!
І многа розных дум устане,
Пакуль будан той з лесу гляне.
Між буданоў агонь палае,
Міхала Пальчык там чакае:
З другога боку йдзе Гавака.
Стары аб’езчык і служака;
Сядзіць Абрыцкі на калодзе
І грэе ногі, люльку курыць,
Зачаў гаворку, балагурыць
Аб рознай рознасьці, прыгодзе.
Чаго ён толькі ні ўспамяне!
Каму ў душу ён ні загляне!
І абгаворыць, пасьмяецца:
Паном таксама дастаецца,
Бо пан Абрыцкі, сказаць сьмела,
Між імі пёрся жыцьце цэла;
Быў на Палесьсі, на, Валыні —
Дзе толькі доля ні закіне!
Сядзеў з ім поруч Дзямідовіч,
З другога боку — Астахновіч,
Старонка:Novaja ziamlia 1923.pdf/188
Выгляд
Гэта старонка была вычытаная