І жыцьце ўсёды вынікае,
І пташка песьню зачынае.
— Вясна павінна быць раджайна:
Вада шуміць штось нязвычайна,
Як гром далёкі — густа, глуха
І так прыятна нейк для вуха —
Міхась, вярнуўшыся з абходу,
Адзначваў добрую прыгоду.
А Костусь дома ня ўтрывае,
Паслухаць шум той выбягае;
І праўда: гук такі цікавы…
Як мілы гэтыя праявы!
Аб чым гудзе вада так важна,
Так мілагучна, так працяжна?
Напэўна гэтая вадзіца
Мабыць якая чараўніца,
Калі наўперад многа знае
І пра раджайнасьць нешта бае.
І нават тата даў ёй веры.
Праз дзень прышоў наказ з кватэры,
Якога бацька спадзяваўся,
Каб у Камлішчы ён зьбіраўся,
Бо ўжо глушцы затакавалі,
А іх прад сьвятам палявалі;
Але ўпярод, да паляваньня,
У змрок вячэрні і ў сьвітаньне
Туды на подслухі хадзілі,
Глушцоў шукалі і сачылі,
Пакуль паны не прыяжджалі.
Два буданы ў бары стаялі:
Адзін — салаш яловы, просты,
Другі драўляны і з памостам:
І вось, як панства наяжджала,
То тут яно і начавала.
Лясьнік у будцы сваёй гнуўся,
Хоць да агню ён больш гарнуўся;
Але і тут было ня міла:
Адзін бок мёрз, другі смаліла.
Міхал сабраўся, апрануўся
І ў лес павольна пацягнуўся:
Ў лясох сьнягі яшчэ ляжалі,
Ды ўжо з узгоркаў саступалі
Старонка:Novaja ziamlia 1923.pdf/187
Выгляд
Гэта старонка была вычытаная