Старонка:Novaja ziamlia 1923.pdf/184

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Якой ніхто мо’ і ня бачыць:
Яна маланкай мігатнецца
І згасьне. Дзе-ж яна дзяецца?
І да зямлі не далятае,
А проста дзесь яна зьнікае? —
І змоўклі ўсе адразу ў хаце:
Як адказаць? З чаго пачаці?
— Ага! — тут хлопцы падхапілі: —
Цяпер і мы вас ушчамілі!
— Што нам з таго, што гінуць зьнічкі?
І клопат будзе невялічкі,
Калі прычын іх знаць ня будзем:
Якая з іх карысьць тут людзям? —
Бярэ сам бацька перша слова: —
І зьява гэтая — ня нова:
Яны што-ночку вынікаюць,
Але бяз сьледу прападаюць.
То — тайнасьць божжа, яго воля,
Чаго мы, людзі, мо’, ніколі
І не дазнаемся, як трэба,
Бо то — вялікая вучэба.
Чаму? дазнацца, мо’, і можна, —
Гаворыць дзядзька асьцярожна: —
І пэўна ведае навука,
Што астраноміяй завецца,
Адкуль тут што і як бярэцца.
Замыславатая то штука,
А вось, як будзеце вучыцца,
То можна сэнсу і дабіцца,
Бо помню я, як сам вучыўся,
Нам штось пра іх казалі ў школе
І вытлумачвалі паволі,
Але цяпер пра то забыўся.
— І я, — тут маці засьмяялась, —
Сказаць хацела, ды збаялась,
Як раз, як наш дарэктар гэты.
Калі стваралісь богам сьветы,
Па зорцы сьветлай чалавеку
Назначыў бог сьвяты спрадвеку;
Яна жыцьцём яго кіруе
І лёс яго і сьмерць пільнуе.
Чым больш з людзей хто выдатнейшы,