Старонка:Novaja ziamlia 1923.pdf/183

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Чаму трашчыць так лёд надземны? —
Другая вынікла задача;
Пацее Яська, чуць ня плача,
Сказаць штось хоча і баіцца
Утраціць гонар, памыліцца,
І Уладзя вочы апускае.
А справа, бачыце, такая, —
Антось тут сам пачаў тлумачыць: —
Была паводка гэта, значыць,
Вада па лузе разьлілася,
А потым ледам занялася,
Мароз падскочыў ды прыціснуў,
Вада і зьбегла, лёд павіснуў;
Цяпер наніз ён ападае,
А лёд таўшчэрны, важкасьць мае,
А паміж леду і вадою,
Унізе пад мёрзлаю зямлёю
Пустое месца застаецца,
І вось як глыза садрыгнецца,
Яна і грукне, як з гарматы…
Ну, зразумелі, небажаты?
— І я так думаў, — Ясь азваўся: —
Ды толькі выказаць баяўся.
І я даўно ўсё гэта ведаў,
Але маўчаў… — Ты, бізун дзедаў! —
На Ўладзю бацька напусьціўся: —
Глядзі: я бачу-распусьціўся!
Маўчаў-бы лепш ды хоць шалопаў
Ды менш губою гэтай лёпаў…
Ня будзе сэнсу з цябе, хлопча:
У гразь жыцьцё цябе затопча
З тваёй навукай гэтай разам,
І будзеш век ты коламазам
— Ну, што-ж? і колы мазаць трэба,
Абы які кусок мне хлеба, —
Тужліва Уладзя зазначае
І сьмех агульны выклікае.
— А вось і я пытаньне маю!
Чакайце-ж: я вас запытаю, —
Да старшых Костусь прамаўляе
І гнеў ён бацькаў адхіляе: —
А што, скажэце, зорка значыць,