Старонка:Novaja ziamlia 1923.pdf/185

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Таго і зоркі блеск ясьнейшы.
І гасьне зорачка сьвятая,
Калі даручаны сканае:
Вось так на небе адначасьне
Яна мігнецца і пагасьне,
Як-бы хто з жалю вочкі ўскіне
І невядома, дзе загіне.
І неба слых тагды прыклоніць,
І анёл сьлёзку ціха зроніць…
Як я была яшчэ малою,
То дзед, бываючы ў настроі,
Часамі вёў апавяданьні
Аб гэтым зорчыным зьніканьні,
Яшчэ казаў: «Калі хто зможа,
Пакуль ня згасьне служка божжа,
Задумаць што ў мамэнт блісканьня,
Таго ўсе споўняцца жаданьні» —
Для хлопцаў гэта тлумачэньне
Найболей мела здаваленьня,
І ўсе іх думкі мімаволі
Блукалі дзесь у божжым полі:
Іх захапляў сьвет безгранічны
І ўласны лёс іх таямнічны.

|}