Старонка:Novaja ziamlia 1923.pdf/182

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Ты гэта ведаць сам павінен:
Які-ж з цябе настаўнік, браце?
Ня многа-ж гэтага багацьця
Ў тваёй галоўцы, мой нябожа!..
Ну, хто дарэктару паможа? —
Тут дзядзька вучняў аглядае: —
Напэўна Костусь адгадае…
Ну, Костусь, брат, зрабі ім брыдка:
Тут штука проста, вачавідка!
І ўсе на Костуся зірнулі,
Але адказу не пачулі.
— Кажы сьмялей! Ну, думаць годзе,
Ты-ж любіш коўзацца па лёдзе!..
— Бадай вы, дурні, пагарэлі! —
Прамовіў бацька тут з пасьцелі;
Ён там драмаў, цяпер падняўся
І сам у гутарку ўмяшаўся,
Каля камінку стаўшы збоку.
— Няўжо-ж у вас ня хопіць клёку
Такое глупства расшалопаць?
Па мордзе-б вас, гадоў, нашлёпаць,
Тады-б вы сьцямілі навуку,
Найшлі-б прычыны тога груку! —
Маўчаць яны, насы спусьцілі,
Сядзіць дарэктар, як на шыле —
Нагналі-ж чэрці ім занозу.
— Дык гэта-ж лёд трашчыць з марозу! —
Алесь і Костусь выпадкова
Гукнулі разам ў адно слова.
Тут бацька зразу адпусьціўся,
Павесялеў і праясьніўся.
Вот малайцы!.. а вы што цесьлі?
Гулу вам меншыя паднесьлі.
Адзін — бальшун, другі — дарэктар
І тлумачэньнік разам, лектар…
Фэ! брыдка вам! — іх дзядзька журыць,
А Ўладзя толькі бровы хмурыць.
— А ей, якая мудрасьць гэта:
Яе забыў я трэцьце лета!
— О, ты Сальмон у нас вялікі,
Як на чытаньне, так на лікі,
А вось скажы, калі ты кемны: