Старонка:Novaja ziamlia 1923.pdf/181

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Антось на гэта адазваўся,
Але на двор пашыбаваўся,
Кажух накінуўшы на плечы;
І маці прасьніцу да печы
Таксама ставіць, прысланяе,
На двор за імі выпаўзае.
Пасталі ўсе, стаяць маўкліва
І вухам ловяць тое дзіва.
А луг бубніць таемна, глуха.
Як-бы у кадушку б’юць з-за вуха.
А што, ці чуеце? Што гэта? —
Дарэктар ціханька пытае;
Самога страх так і шугае.
Эх, Яська, брат, ідзе камета!
Прапалі мы — сканчэньне сьвета! —
Антось гаворыць, чуць ня плача: —
Прапаў ты, Яська, небарача,
І не пабачаш бацьку з маткай.
Хоць папрашчаўся-б з роднай хаткай:
Яе ўжо бачыць не надзейся!
— Не, дзядзька, што гэта ня сьмейся, —
Антося хлопцы абступілі
І разам тут загаманілі.
— Ідзеце ў хату! — кажа маці: —
Калі ўжо гінуць — гінь у хаце —
Адразу хлопцы схамянулісь,
Што у нейчым моцна абманулісь,
І стала болей ім цікава,
У чым тут сіла тая, справа.
Антось у хату йдзе, рагоча,
Тлумачыць зразу ён ня хоча:
Ахвоту меў такі, прызнацца,
Ён трохі з Яські насьмяяцца,
А хлопцы голавы ўскруцілі,
Ў хаду ўсе спосабы пусьцілі.
Найсьці прычыну тую квапяць,
Але на сьлед ніяк ня трапяць.
— Ну, дзядзька, годзе ўжо сьмяяцца:
Самім нам трудна дагадацца.
Адкуль, з чаго такія гукі?
— А ты-ж выкладваеш навукі
І імі розум твой начынен,