Старонка:Novaja ziamlia 1923.pdf/180

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Ўсю ноч, ад рэчкі і па Нёман,
Ушыр, удоўж нясецца гоман
Няўцямны, сьцішны і таемны
І разам страшны і прыемны.
А ноч ціхутка; ў багне цёмнай
Пустэлі страшнай і бязмоўнай
Гараць дрыготна, зьяюць зоркі,
Як найдарожшыя пацёркі,
То паасобку, то гурткамі,
То брыльлянцістымі радкамі,
І іх пучочкі-злотаблёсткі
Наукола кідаюць пялёсткі:
Яны гараць, жывуць і граюць,
Бы вочкі там чыесь міргаюць;
Ды зрэдка ў небе дзесь далёка
Над лесам тым у момант вока
Мігнецца стужка агнявая —
То зьнічка згасьне залатая.
Вось выйдуць хлопцы гуртам з хаты
На гэты час, як неба шаты
Раскіне гожа над зямлёю
І вее згодаю сьвятою.
— Ша! ціха вы, не гаманеце!..
О, што-ж-та дзеецца на сьвеце? —
І хлопцы разам заціхаюць
І на Алеся пазіраюць;
Алесь замёр, зьдзіўленьня поўны,
Глядзіць у луг, стаіць бязмоўны,
У бок лугоў руку трымае
— Во, во! што, чуеце? страляе!
— Што гэта, хлопцы? вось дык дзіва! —
Дарэктар шэпча палахліва: —
Няўжо з Нясьвіжа б’юць гарматы? —
І Яська кінуўся да хаты
— Ой, дзядзька, цётка! — ён галосіць,
І нейкі рух яго аж носіць: —
Ідзеце борзьдзенька, ідзеце.
Там штось грыміць, ну, паглядзеце! —
І так завойкаў, так завохаў,
Што ўсіх у хаце напалохаў.
— Ну, я табе, брат мала веру:
Перабіраеш трохі меру, —