Старонка:Novaja ziamlia 1923.pdf/179

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Зіма свайго не падаруе
І злосна ветрам засьвідруе
Ды так пацягне, так заграе.
Што проста нос табе зрывае.
І выюць ў полі завірухі,
Як за труною маладухі,
На лес накідваюць наміткі
І робяць гурбы ўвачавідкі.
Варона гонар свой збаўляе.
Ды зноў да сьметніку вітае
І свой жывот галодны пыніць,
На сьпевы дзюба не расчыніць.
Дзярэўі ў белы пух убраны,
І сьнегам «лысіны» засланы:
Застылі рэчкі, азярыны
Пад гнётам белай кажурыны.
Лед на лугох, як люстра, зьяе,
І сонца зрэдка ў ім гуляе…
Настане ноч — і ўсёды ціха,
Хіба завые дзе ваўчыха
Сярод трушчобы ў цёмным лесе
Ды гучна лусьне гонта ў стрэсе…
Але што гэта? што за гукі?
Адкуль яны? Чые то рукі
Забілі цяжка малатамі,
Як тыя коні капытамі?
Якія там майстры майструюць?
І што куюць? над чым працуюць?
Стаіш і ловіш зыкі тыя.
А луг трашчыць, гудзе і вы;
То рэзкі трэск там панясецца,
Бы чорт лазаты засьмяецца,
То заскавыча, то застогне,
Ды так, што ўсё, здаецца, дрогне;
Ня-то сякера мерна чэша,
Ня-то хтось кашляе ці брэша.
Гу-гу! — штось гукне, садрыгнецца,
Бах-бах! — на гук той адзавецца
І аж па лесе пойдзе рэхам
Ды зарагоча дробным сьмехам
То тут, то там ды як засьвішча —
Як-бы там чортава ігрышча!…