Старонка:Novaja ziamlia 1923.pdf/178

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

XXI.

ТАЕМНЫЯ ГУКІ.

Пад іншы год у холад люты,
Калі ўсе рэчкі ледам скуты,
І ўсё пад сьнегам качанее,
Глядзіш — цяплом табе павее,
І з поўдня вецер хмары гоніць,
у вокны дождж буйны зазвоніць
І з капяжоў руччом сьцякае
І сьнег жыўцом ён паядае.
Скідае лес убор зімовы,
І шум другі на лад-сьпеў новы
Над борам цягне несканчона.
І фанабэрыцца варона:
«Вясна! вясна! гразь! гразь!» сьпявае,
Як бы вясну ужо сустракае.
Паміж алешніку зьмяëю
Крыніца чорнай паласою
На сьвет зірнула лёд прабіла,
Ў старых карчох загаманіла
І палыселі касагоры,
Вадою поўняцца разоры,
Бяжыць, шуміць вада ў лагчынах.
І лёд уздуўся ў азярынах,
Дарогі ў полі усе псуюцца,
Аб крыгі крыгі з шумам труцца,
І луг заліт увесь вадою,
Як і запраўднаю вясною.
Ды гэта толькі кпіны-жарты:
Зімой цяпла чакаць ня варта —