Старонка:Novaja ziamlia 1923.pdf/143

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Калі замрэ і сама хата.
Тады, здаецца, цені тыя,
Ня проста цені, а жывыя
І нібы ў іх ёсьць нейка справа
І таямнічна і цікава.
Дарэктар к печы прытуліўся,
На дзядзькаў твар утарапіўся.
— Мне сам казаў Пятрусь Грыхінін,
І лгаць-жа ён ня быў павінен:
Да дому ехаў ён з Княжога,
Вакол няма нідзе нікога,
І ціха ўсё, як-бы зацята.
Было ўжо трохі пазнавата,
А ён на воліках пляцецца,
І так яму ўсё штось вярзецца.
Вось едзе ён, масток мінае,
Аж хто-сь з-за, паляў вылятае,
Як жар чырвоны ды вяртлявы,
І хвошча пугай ўлева, ўправа,
І па валох і па Пятрусю.
«Вось», кажа, «я табе спазьнюся,
Калі ты так запрацаваўся!»
І аж да Нёмна за ім гнаўся! —
Дарэктар бедны ўвесь жахнуўся,
Ад страху нават аж прыгнуўся.
— Ма-быць штось ёсьць такі на сьвеце! —
На матку тут зірнулі дзеці:
— Сьвякроў, нябожчыца, Анэта,
Сама казала мне пра гэта, —
Яна была і цётка Рузя,
Зьбіралі шчаўе дзесь на лузе
Ды йшлі дадому каля Нёмну.
Было зусім яшчэ няцёмна,
Вось толькі сонца напалову
Зайшло за горку Дземянову,
І нікагусенька нідзе!
Аж — зірк! на саменькай вадзе
Сядзіць хтось, выцягнуўшы ногі,
Над самай буктай, такі строгі,
Як мае быць, ва ўсім адзеньні
І курыць люльку ў задуменьні!
Кабеты ў страсе далей хутка,
Назад зірнулі — нікагутка!